Вы еще ничего не заказали

6 жніўня 2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. 3 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеіі Рэспублікі Беларусь адбылася презентацыя ўнікальнага выдання “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукава

04.08.2017

6 жніўня 2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

3 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеіі Рэспублікі Беларусь адбылася презентацыя ўнікальнага выдання “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

500 гадоў таму – 6 жніўня 1517 года – у Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга – Псалтыр, якая лічыцца адной з самых папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. Гэтай кнігай першадрукар Францыск Скарына паклаў пачатак усяму беларускаму кнігавыданню, якое развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім і ўсходнеславянскім. Біблія выйшла раней, чым англійскія і французскія пераклады, амаль на 50 гадоў апярэдзіла “Апостал", выдадзены ў маскоўскай друкарні. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.

На працягу года выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя имя П.Броўкі” выпусціла цэлы шэраг выданняў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У прыватнасці, у серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” убачылі свет тры кнігі, у якіх расказваецца пра гісторыю ўзнікнення кнігі, аб пачатку беларускага кнігадрукавання, пра беларускага кнігадрукара Францыска Скарыну і яго паслядоўнікаў. У кнізе “Франциск Скорина – человек мира», распавядаеца пра значны ўнесак нашага земляка ў развіцце ўсяго ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Літаральна напярэдадні юбілейнай даты ўбачыла свет унікальная кніга “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, выдадзеная выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя имя П.Броўкі”, сказаў адкрываючы прэзентацыю дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. Багата ілюстраванае выданне выйшла ў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. У сучасным выданні наглядна прадстаўлена спадчына Францыска Скарыны, якая сёння з'яўляецца нацыянальным здабыткам і захоўваецца ў кніжных і музейных сховішчах многіх краін свету – Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Даніі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Славеніі, Чэхіі, ЗША.

У ходзе падрыхтоўкі альбома складальнікі знаёміліся з фондамі Кембрыджа, Адэсы, Лондана, Масквы, Капенгагена, Кіева, Прагі.

Кнігу "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" ужо высока ацанілі за мяжой. Яна атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі - 2017" і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставы Eurasian Book Fair 2017.

На прэзентацыю былі запрошаны дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, СМІ.

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што Беларусь, нягледзячы на імклівае развіццё камп'ютэрных тэхналогій, не губляе сваіх пазіцый у кнігавыданні. Друкаваная кніга ў краіне мае моцныя пазіцыі: «Беларусы былі першыя. Яны не маюць сёння права здаваць свае пазіцыі. Мы не можам не ганарыцца, што ўсе гэтыя гады, у тым ліку дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, наша нацыянальнае кнігавыданне развіваецца вельмі годна сярод краін СНД».

Гаворачы аб праекце «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», Лілія Ананіч падкрэсліла: «Мы ганарымся, што напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігавыдання мы зрабілі адну з лепшых кніг, якая ўвайшла ў скарбонку нацыянальнага і, упэўнена, сусветнага кнігавыдання».

Старшыня Пастаяннай Камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў падкрэсліў асаблівае значэнне кнігадрукавання ў нашай краіне: "Кніга ёсць і будзе заставацца найважнейшай складаючай беларускай культуры".

«Сусветную спадчыну» адкрылі ўсім светам. Сярод гасцей свята ў гонар «чырвонай даты” былі дыпламаты. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт адзначыў: «Для пасла любой дзяржавы вельмі прыемна, калі ёсць нейкія агульныя падыходы. Францыск Скарына – гэта наш сумесны герой ».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў важную асветніцкую дзейнасць Францыска Скарыны. Яго рэвалюцыйны ўклад у кнігадрукаванне, на думку пасла, складаецца не толькі ў перакладзе Бібліі, але і ў распаўсюджванні ідэй адукацыі і асветы сярод простых людзей. "За гэта мы павінны быць глыбока абавязаны вашаму вялікаму суайчынніку", – дадаў дыпламат.

Рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна у сваім выступе зрабіў акцэнт на знешнем выглядзе кнігі, прывабным дызайне, якасным афармленні і дастаткова смелай назве: “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” – гэта сапраўдны мастацкі шэдэўр, твор паліграфіі, які яшчэ раз даказвае, што спадчына Скарыны прыцягальная, а беларусы паважаюць сваіх продкаў”.

І сапраўды, удзельнікаў і гасцей прэзентацыі ўразіла мастацкае афармленне кнігі, гартаючы якую пранікаешся духам эпохі Францыска Скарыны і больш разумееш значнасць яго асветніцкай дзейнасці. Важна і тое, што традыцыі беларускага першадрукара годна працягваюць сучасныя кнігавыдаўцы, ствараючы такія унікальныя творы кніжнага мастацтва, як “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”.

 


Источник:  http://www.bel-en.by/press_center/gallery/11646/
Ссылка на источник:  https://www.youtube.com/watch?v=nj4_Af6l4VI

Перейти к полному списку

 
© РУП "Издательство “Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки", 2010
Разработка сайта: Интернет-агентство «Новый Сайт»
 
-->