Вы еще ничего не заказали

22 сакавіка спаўняецца 75 гадоў трагедыі Хатыні

15.03.2018

22 сакавіка спаўняецца 75 гадоў трагедыі Хатыні.

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла кнігу “Хатынь. Трагедыя беларускага народа” на беларускай, рускай і англійскай мовах. Упершыню кніга расказвае пра гісторыю вёскі з часоў першага ўпамінання пра яе, а таксама пра іншыя беларускія вёскі, якія былі знішчаны у гады акупацыі.

“Шчымліва трагічнае выданне “Хатынь. Трагедыя беларускага народа” мае, перакананы, моцнае ўздзеянне на чытачоў, асабліва на маладое пакаленне, якое павінна ведаць праўду пра трагічныя падзеі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, -- падкрэсліў падчас прэзентацыі выдання ў Нацыянальнай бібліятэцы Уладзімір Андрыевіч, дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.  

Кніга прызначана ў першую чаргу для выхавальнікаў моладзі, для школьнікаў і навучэнскай моладзі, а таксама для шырокага кола чытачоў дзеля Памяці пра жахі вайны і гераізм людзей беларускай зямлі.



 

“Хатынь. Трагедыя беларускага народа”

У кожнага народа ёсць месца, якое з’яўляецца яго сімвалам, месцам нацыянальнага пакланення, прымірэння, памяці. У беларускага народа гэта Хатынь. Назва беларускай вёскі стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Стваральнікі ансамбля апярэдзілі свой час. Узнік мемарыял, які ўшаноўваў памяць не толькі спаленых жыхароў вёскі, але ўсіх вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні, а таксама ўсіх жыхароў Беларусі, незалежна ад нацыянальнасці ці веравызнання, знішчаных нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны. Мемарыял на месцы знішчанай нацыстамі вёскі як храм пад адкрытым небам, атрымаў нацыянальнае і сусветнае прызнанне. І кожны, хто прыходзіць сюды, забірае з сабою, нават не усведамляючы гэтага, маленькі агеньчык вялікай памяці беларускага народа. Пякучы боль Хатыні – гэта боль усёй Беларусі, бо гісторыя непрыкметнай вёскі Хатынь шмат у чым падобная на вялікую гісторыю Беларусі.

 

Калі з’явілася вёска Хатынь, не ўзгадваюць ні дакументы, ні хронікі. У пісьмовых крыніцах Хатынь упершыню прыгадваецца з сярэдзіны XVI ст. Хотынь… Менавіта так звалася тады вёска.

Сярэдзіна XVI ст. была часам росквіту Вялікага княства Літоўскага – сярэднявечнай беларускай дзяржавы, яе «залатым векам». У спакоі і дабрабыце жыла тады і Хатынь, якая ператварылася ў досыць вялікае сяло. Колькасць жыхароў налічвала 13 службаў. У тыя часы «служба» складалася звычайна з 2–3 і больш «дымоў» (сялянскіх гаспадарак). Адпаведна колькасць «дымоў» у Хатыні была прыблізна 30–40, а жыло ў вёсцы не менш 200 чалавек. Заможнасць хатынцаў грунтавалася не на вырошчаванні збожжа, а на «ловах» (паляўнічых угоддзях), на бортніцтве, здабывалі яны і воск. Агулам давалі яны ўладальнікам зямлі Тышкевічам даніны 20 пудоў мёду і серабшчызны (грашовай павіннасці) па 12 грошай ад «сахі»(зямельнага надзелу) штогод.

 

Трагедыя

Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё

і Радзіму нашу, вас, дарагія.

Мы згарэлі жывымі ў агні.

Наша просьба да ўсіх:

хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу,

каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі.

Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!

                                                        Ніл Гілевіч


149 чалавек былі забіты ці згарэлі жывымі ў агні. І што самае страшэннае – 75 дзяцей! Можна зразумець вайну, калі самалёты збіваюць самалёты, танкі знішчаюць танкі, салдаты страляюць у салдат. Зразумець, аднак не апраўдаць. Але ніяк ні зразумець, ні апраўдаць, ні дараваць немагчыма забойства ДЗЯЦЕЙ! Чалавек не можа гэта зрабіць. Учыніць такое могуць толькі азвярэлыя нелюдзі, падонкі, набрыдзь, якой няма месца на нашай зямлі.

Спыніўшы абстрэл, карнікі акружылі вёску і пачалі выганяць людзей з дамоў. Мужчын, жанчын і дзяцей прывялі ў цэнтр, дзе знаходзілася пуня. Туды заштурхалі сем’і Бараноўскіх і Жалабковічаў, Навіцкіх і Жыдовічаў, Яскевічаў і Іотка, Рудак, Карабан, Клімовічаў, Іосіфа Федаровіча…

Два годзіка было Мішу Навіцкаму, Юзіку Іотка, Леначцы Мірановіч, Мішу Яскевічу, Валодзі Карабан, тры гады выканалася Хрысціне Рудак, Ганначцы Федаровіч, Рае Жалабковіч, Васі Мірановічу. Пяты годзік ішоў Ганне Яскевіч, Антону Навіцкаму, Сцёпе Іотка, Юзе Іотка, Кастусю Карабану.Самы маленькі, сямітыднёвы немаўля Толік апынуўся там разам з сваёй маці девятнаццацігадовай Верай Яскевіч.  

Аб тым, што было далей, распавёў сведка трагедыі, былы каваль Іосіф Камінскі.

«…І мяне павялі ў той хлеў… Дачка, і сын, і жонка – там. І людзей столькі. Я кажу дачцы:

– Чаму вы не адзеліся?

– Дык сарвалі з нас адзежу, – кажа дачка.

Ну, прыгоняць у хлеў і зачыняць, прыгоняць і зачыняць. Столькі людзей нагналі, што і прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей і страх гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху і падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што і дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць…

А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго і не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці – такі крык, што… Я сыну кажу:

– Праз галовы, праз галовы трэба!

Падсадзіў яго. А сам па нізе, паўз ногі. А на мяне бітыя і наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, і прадыхнуць нельга. Але варушыў плячыма – тады я здаравейшы яшчэ быў, – стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха і абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць – яго і палажылі. На ім людзі пабітыя – з кулямёта ўсіх…

– Уставай, кажу, яны паехалі, паехалі ўжо!

Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая…

Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога…»


За тры гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі было праведзена 140 буйных карных аперацый. Падчас іх было спалена 5295 вёсак, тысячы людзей былі расстраляны, спалены, кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры і адасланы на прымусовую працу ў Германію. Выканаўцамі масавых забойстваў і знішчэння населеных пунктаў з’яўляліся як войскі СС і каманды СД, паліцэйскія ахоўныя батальёны і зондэркаманды, так і войскі Вермахта.


«Могільнік вёсак» – адзіны на ўсёй Зямлі!

30 чэрвеня 1969 года ў Хатыні адбылася ўрачыстая цырымонія закладу ва ўрны зямлі беларускіх вёсак, якія былі знішчаны нацыстамі разам з людзьмі і не адрадзіліся пасля вайны. На могільніку знаходзіцца 185 сімвалічных магілаў. 186-я – Хатынь. Шэрагамі ідуць 5 вёсак Брэсцкай вобласці, 108 – Віцебскай, 5 – Гродненскай, 18 – Гомельскай, 34 – Мінскай, 15 – Магілёўскай.

Попелавы падмурак, чорная, нібы выпаленая зямля, чорная ўрна ўзвышаецца на бетонным полымі, што нагадва і пажарышча вайны, і Вечны агонь. Урны захоўваюць зямлю з месцаў, дзе былі знішчаны вёскі і людзі: Антонаўка, Боркі, Велье, Гані, Дальва…

«Могільнік вёсак» – адзіны на ўсёй Зямлі!

Вёска Трысцень Лагойскага раёна Мінскай вобласці

7 траўня 1943 года 15 двароў былі спалены. Жыхароў расстралялі і спалілі. Сярод расстраляных сям’я Шапорава: Вера – 32 гады, Мікалай – 9 гадоў, Марыя – 7 гадоў, Таццяна – 5 гадоў, Ніна – 4 гады, Гануся – 2 гады. Маленькую Любачку, якой было 4 месяцы, спалілі разам з калыскай і пялюшкамі.

У полымі згарэла жывою ўся сям’я Пятровых: Пелагея – 40 гадоў, Марыя – 16 гадоў, Ніна – 15 гадоў, Пеця – 10 гадоў, Рыгорка – 8 гадоў, Барыска – 6 гадоў.

Вёскі Сіні Камень, Шклёнск, Полымя Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

Усе тры вёскі спалены пад час карнай аперацыі. Лёсы загубленых вёсак, як і лёсы людзей, падобныя. Жыхароў расстралялі, а дамы спалілі. У асноўным у вёсках жылі дзеці. Вёскі не адрадзіліся пасля вайны.

У Шклёнску перад вайною жыло 83 чалавекі. 18 ліпеня 1943 года гітлераўцы спалілі 17 двароў і расстралялі 68 чалавек. З іх 38 – дзеці.

У вёсцы Сіні Камень у той жа дзень карнікі спалілі 57 двароў. Яны забілі 87 жыхароў, у тым ліку 19 дзяцей.

Вёска МакоўеАсіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

Вёску спалілі ў студзені 1943 года. Сярод 115 загінуўшых жыхароў – 15 мужчынаў, 40 жанчынаў і 60 дзяцей.

Вёска Альцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

19 студзеня 1943 года гітлераўцы акружылі вёску ланцугом. Яны ўрываліся ў хаты і забівалі ўсіх – дарослых і дзяцей. Знішчыўшы ўсіх, нацысты абрабавалі і падпалілі вёску. Даведаўшыся, што 7 чалавек пайшлі ў суседнюю вёску, яны вырашылі забіць апошніх. Забойцы знайшлі людзей, адвезлі ў палаючую вёску і кінулі ў агонь. Ахвярамі катаў былі 72 жыхара вёскі.

Вёска Адраджэнне Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці

23 верасня 1943 года атрад карнікаў захапіў вёску Відзіліна. Пад пагрозай расстрэлу старых і жанчын прымусілі цягнуць бораны у бок вёскі Адраджэнне. Гітлераўцы так правяралі дарогу на наяўнасць мінаў. Калі шлях быў расчышчаны, карнікі ўварваліся ў вёску Адраджэне. Пачаўся рабунак дамоў і забойствы. Усіх жыхароў вёскі загналі ў некалькі хатаў і падпалілі. У полымі і ад куль загінуў 61 жыхар вёскі.

 

«Беларускія Хатыні – гэта нешта настолькі злавеснае, што людзям планеты нялёгка да канца ўсвядоміць і да канца адчуць нават пасля асвенцымаў і бухенвальдаў. Беларускія Хатыні – гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам, але шырока распачаць паспеў толькі тут… Гэта павінны зразумець тыя, хто прыходзіць сюды – у Хатынь…»

Гэтыя словы Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пераканаўча гучаць і сёння. Упершыню яны прагучалі ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…».  Тры беларускія пісьменнікі зрабілі вялікую справу. Яны сабралі ўспаміны тых людзей, хто перажыў кашмар знішчэння іх родных вёсак.

Ня ўсіх жыхароў вёсак і хутароў здолелі знішчыць нацысты. Цудам яны выратаваліся з полымя і з-пад куль каб стаць сведкамі жудасных злачынстваў гітлераўцаў на Беларусі.

Другім цудам было тое, што 433 вёскі, знішчанныя разам з жыхарамі, здолелі адрадзіцца пасля вайны. Іх назвы ушанаваны на сімвалічных «Дрэвах жыцця». Яны нібы прарастаюць з зямлі. Толькі замест галін і лісцеў – назвы вёсак. А за імі –як сімвал вечнага адраджэння жыцця і неўміручасці нашага народа – застылы ў бетоне зруб дома, які пачынае будавацца.

 

 


Перейти к полному списку

 
© УП "Издательство "Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки", 2018
пер. Калинина, 16, 220012, г. Минск, Республика Беларусь
Разработка сайта: Интернет-агентство «Новый Сайт»
Cоциальные сети:




 
-->