Вы еще ничего не заказали

Прэзентацыя ўнікальнага выдання Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»

12.04.2018

Прэзентацыя ўнікальнага выдання Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»

А ХТО ТАМ İДЗЕ?

 

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

– Беларусы.

 

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках ў крыві, на нагах у лапцях?

– Сваю крыўду.

 

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,

А куды ж нясуць на паказ сваю?

– На свет цэлы.

 

А хто гэта іх, не адзін мільён,

Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?

– Бяда, гора.

 

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

– Людзьмі звацца.

 

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ўбачыла свет унікальнае выданне – кніга аднаго верша народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету». Пераклад твора на 100 моў свету прадставілі 12 красавіка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опера і балета Рэспублікі Беларусь.

«Летась, у 135-ю гадавіну з дня нараджэння нашага выбітнага песняра, мы распачалі працу над стварэннем паўнавартаснай персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала» ў трох тамах, першы з якіх ужо з’явіўся на кніжных палічках. Дарэчы, гэта выданне можа стаць адной з візітовак суверэннай Беларусі, – гаворыць дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. – Менавіта Янка Купала ў той час найбольш настойліва сваім таленавітым словам пашыраў нацыянальную самасвядомасць, вызначаў духоўныя арыенціры беларусаў. А ў адным з самых ранніх вершаў Янкі Купалы – «А хто там ідзе?» – яскрава ўвасобілася жаданне беларускага народа «людзьмі звацца»: «А хто там ідзе, а хто там ідзе/ У агромністай такой грамадзе?/ – Беларусы./ А што яны нясуць на худых плячах,/ На руках ў крыві, на нагах у лапцях?/ – Сваю крыўду.// А чаго ж, чаго захацелась ім,/ Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?/ – Людзьмі звацца». Гэты твор паэта часта называюць народным гімнам. Сёння, калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай, верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» гучыць і ўспрымаецца па-іншаму. Як і іншыя творы беларускага песняра, ён кранае сваёй суровай праўдай, выразнай гуманістычнай скіраванасцю, мастацкай гармоніяй».

Кіраўнік выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў пачатку мерапрыемства адзначыў, што верш «А хто там iдзе?» першымі на сваю мову перавялі ўкраінцы, потым літоўцы, рускія, чэхі, палякі. «Варта заўважыць, што сярод асноўных сусветных моў шмат перакладаў на мовы малых народаў, якія таксама імкнуцца да самавызначэння, да таго, каб заявіць ва ўвесь голас, што ёсць такі народ, які мае сваю мову, які імкнецца да лепшай долі, да якой заклікаў Янка Купала ў сваім вершы, – адзначыў Уладзімір Андрыевіч. – Мяркую, што гэтая кніга яшчэ раз засведчыць, што беларуская зямля перадае ад свайго народа не толькі цеплыню сваёй душы, але і імкненне да міру, імкненне да чалавечага ўзаемадзеяння ўсіх народаў свету».

Начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ларыса Бельская ў выступенні зрабіла акцэнт на тым, што покліч «Людзьмі звацца» назаўсёды застанецца актуальным і важным для беларусаў.

«Выхад дадзенага выдання з'яўляецца вялікім святам для беларускай літаратуры і дзяржавы ў цэлым, – засведчыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. – Наша краіна мае ўнікальную літаратурную спадчыну для міжкультурных абменаў, што можа стаць добрай падставай для сяброўства і паразумення, выбудоўвання ўзаемавыгадных адносін паміж краінамі».

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч адзначыла, што гэтая кніга – яшчэ адзін камень у падмурак ушанавання памяці Янкі Купалы, і нагадала словы Уладзіміра Караткевіча, што ставіць помнік патрэбна не для творцы, а для сябе, каб нас не абвінавацілі ў бяспамяцтве і непавазе да паэта.

«Проста выдатна, што выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала анталогію аднаго верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», – перакананы адзін са складальнікаў кнігі доктар філалагічных навук, прафесар, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша. – Для беларусаў сёння гэты верш-гімн актуальны тым, што паказвае, кім яны ў недалёкім мінулым былі, куды і па што ішлі, – каб выразней убачыць, куды прыйшлі, кім беларусы сталі сёння, чаго дасягнулі».

Паводле слоў Вячаслава Рагойшы, да верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» (1905–1907 гг.) звярталіся і звяртаюцца многія дзеячы нацыянальных культур свету. Верш Янкі Купалы адразу ж пасля публікацыі пачаў перакладацца на розныя мовы. Першымі да яго звярнуліся ўкраінцы (Мікіта Шапавал, 1909), літоўцы (Людас Гіра, 1910), рускія (Максім Горкі, 1911), чэхі (Адальф Чэрны, 1911), палякі (M. W. S., 1912). Перакладчыкам прыйшоўся да сэрца вольналюбівы пафас купалаўскага твора, адліты ў дасканалай вобразнай форме. Кожны з іх, па сутнасці, імкнуўся голасам Янкі Купалы выказаць боль, гнеў і надзеі роднага народа, што быў, як і тагачасныя беларусы, прыніжаны і абяздолены.

«У пачатку 1970-х гадоў налічвалася ўжо каля двух дзясяткаў моў, на якіх гучаў верш беларускага песняра, – распавядае Вячаслаў Рагойша. – Сярод іх былі таксама пераклады на мовы англійскую, армянскую, грузінскую, казахскую, кітайскую, таджыкскую, французскую, эстонскую і іншыя. Гэта дазволіла тагачаснаму галоўнаму захавальніку архіўных фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ядвізе Раманоўскай і мне пачаць працу па ўкладанні ўнікальнай анталогіі аднаго верша, якая неўзабаве і пабачыла свет у пачатку 1980-х гадоў. Падчас працы над гэтай анталогіяй да ранейшых перакладчыкаў далучыліся майстры перакладу на іншыя мовы: азербайджанскую, арабскую, балгарскую, грэчаскую, іспанскую, італьянскую, карэйскую, нарвежскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, турэцкую, хіндзі, японскую і шэраг іншых. У цэлым кніга змясціла восем дзясяткаў перастварэнняў купалаўскага верша».

У выданні, якое толькі выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя», разам з арыгіналам купалаўскі верш прадстаўлены на 100 мовах. З’явіліся пераклады на такія мовы, як агульская, албанская, баскская, іўрыт, курдская, нянецкая, персідская, славацкая, шведская. Верш Янкі Купалы перакладзены і на многія мовы малых народаў свету, у прыватнасці, на агульскую, ахвахскую, вепскую, карацінскую, кумыкскую, рутульскую, табасаранскую, цахурскую, сінгальскую.

«Верш «А хто там ідзе?» стаў адным з ранніх твораў Янкі Купалы, у якім выявіўся не толькі глыбокі гуманізм, але і самабытны геній песняра як прарока беларускага нацыянальнага адраджэння, – перакананы Вячаслаў Рагойша. – Беларускі народ за мінулае ХХ стагоддзе, нягледзячы на розныя катаклізмы (крывавыя войны, жорсткія палітычныя рэпрэсіі), адолеў цяжкі і адначасова велічны нацыятворчы і дзяржаватворчы  шлях. Вырушыўшы ў пачатку стагоддзя ў паход за права «людзьмі звацца», беларусы неўзабаве прыйшлі да сваёй дзяржаўнасці, а ў канцы таго ж стагоддзя – і да дзяржаўнай незалежнасці».

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Беларусі Алег Есаян, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя Кім Ёнг Хо, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія Велька Кавачавіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Басам Абдуль Мажыд, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан Хакдод Махмадшарыф Махмуд, Часовы Павераны ў справах Пасольства Рэспублікі Індыя Вішаў Пал, Часовы Павераны ў справах Пасольства Італьянскай Рэспублікі Паўла Таніні, намеснік кіраўніка місіі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Ані Лютар, другі сакратар па пытаннях культуры і адукацыі Пасольства Рэспублікі Польшчы Альжбета Ініяўска, прэс-сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Марыя Данец. У рамках мерапрыемства прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў розных краін у Рэспубліцы Беларусь прачыталі верш Янкі Купалы на сваіх мовах.

Былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Марыян Сэрватка падзякаваў за запрашэнне і адзначыў, што рады вучыцца ў беларусаў таму, як трэба папулярызаваць сваю нацыянальную літаратуру. Пра тое, як грамадзяне Беларусі ганарацца выбітнымі прадстаўнікамі свайго народа і што гэта выклікае захапленне, казаў Пасол Рэспублікі Арменія Алег Есаян. Ён спаслаўся на жыццё армянскага нацыянальнага паэта Габрыеля Сундукяна, які перад смерцю папрасіў паставіць помнік не сабе, а герою сваёй знакамітай п'есы – Пэпо. «Сёння ўзвялі помнік аднаму вершу, які з'яўляецца помнікам самому аўтару – Янку Купалу, і ў гэтым сіла кнігі выдавецтва«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», – падкрэсліў Алег Есаян.

Кнігалюбы-«гурманы», набыўшы кнігу Янкі Купалы «А хто там ідзе? на мовах свету», атрымаюць сапраўдную асалоду. Адкрывае кнігу факсіміле верша «А хто там ідзе?», які знаходзіцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Акрамя 100 перакладаў і аднаго арыгінальнага тэксту верша, тут змешчаны дзясяткі карцін беларускіх мастакоў, якія звярталіся да жыцця і творчасці народнага песняра, у прыватнасці, В.Шаранговіча («А хто там ідзе?», 1976), А.Волкава («Янка Купала на адпачынку», 1949), А.Шаўчэнкі («Янка Купала на жытнім полі», 1956), М.Савіцкага («Янка Купала», 1979), кітайскага мастака Гао Мана («Янка Купала»), І.Ахрэмчыка («Янка Купала і Якуб Колас», 1940), Я.Зайцава («Янка Купала і Максім Горкі»), М.Гусева («Янка Купала і Ян Райніс», 1959) і іншых.

Кніга з густам аздоблена. Яна можа быць цудоўным падарункам замежным гасцям краіны. Як адзначае ва ўступным слове да кнігі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, «пераклад гэтага выбітнага верша на шматлікія мовы свету будзе спрыяць лепшаму разуменню гістарычнага мінулага беларускага народа, яго надзей і мар, яго душы».

Фото в ссылке:


Источник:  http://www.bel-en.by/press_center/gallery/12656/
Ссылка на источник:  http://www.bel-en.by/press_center/gallery/12656/

Перейти к полному списку

 
© УП "Издательство "Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки", 2018
пер. Калинина, 16, 220012, г. Минск, Республика Беларусь
Разработка сайта: Интернет-агентство «Новый Сайт»
Cоциальные сети:




 
-->