Вы еще ничего не заказали

Вечар памяці Мая Данцыга адбудзецца ў Мiнску

23.04.2018

Вечар памяці Мая Данцыга адбудзецца ў Мiнску

 У Нацыянальным мастацкім музеі 24 красавіка а 17-й гадзіне пройдзе вечар памяці, прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальніка ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны Мая Вольфавіча Данцыга.

Удзельнікі імпрэзы змогуць пазнаёміцца з сумесным выданнем выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі” і Нацыянальнага мастацкага музея – кнігай для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту “М. В. Данциг. Инфографика живописи”, якая расказвае пра жыццё народнага майстра. Выданне з цудоўнымі рэпрадукцыямі і апісаннем біяграфіі мастака ў выглядзе інфаграфікі аказалася запатрабаванай і атрымала самыя пахвальныя водгукі як сярод чытачоў, гэтак і прафесіяналаў-выдаўцоў.

Творчасць Мая Вольфавіча Данцыга – яскравая з’ява ў гісторыі нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя. Пасля сябе ён пакінуў багатую мастацкую спадчыну. Яго творы заўсёды жыццесцвярджальныя. Грандыёзныя па задуме і наватарскія па форме, яны адрозніваюцца экспрэсіўнасцю, эмацыянальнасцю, у іх нязменна прысутнічае абвостранае пачуццё грамадзянскасці. М.В. Данцыг належаў да тых мастакоў, для якіх прынцыпова важным з’яўлялася не столькі адкрыццё новых тэм, колькі наватарскі і свежы погляд на тэмы ўжо распрацаваныя.

Імя народнага мастака Беларусі добра вядома і за межамі краіны. Напрыклад, у 2015 г. манументальным палатном М.В. Данцыга «И помнит мир спасенный» адкрывалася выстава «Спадчына Другой сусветнай вайны ў рускім мастацтве» ў Лондане ў сусветна вядомай Галерэі Саатчы (са збору Фонду Art Russe (Расія, Масква). Творы Майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Расія, Масква), Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Інстытуце рускага рэалістычнага мастацтва (Расія, Масква), Фондзе Art Russe (Расія, Масква), Музеі рускага мастацтва (The Museum of Russian Art, TMORA) у Мінеапалісе (ЗША) і інш., а таксама ў прыватных калекцыях Азербайджана, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Малдовы, Расіі, ЗША і інш.

Успомніць пра тое, якім быў гэты чалавек, перагартаць старонкі яго жыцця, творчасці прыйдуць калегі, сябры, вучні, блізкія і родныя людзі Мая Данцыга. Успаміны гасцей дапоўняцца яркімі музычнымі нумарамі ў выкананні прафесійных артыстаў, праглядам апошняга прыжыццёвага інтэрв’ю Майстра, знятага расійскім журналістам Кацярынай Кібальчыч, выступленнем Рыгора Трэстмана, вядомага ізраільскага паэта, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук, адукацыі, тэхналогіі і мастацтваў (Каліфорнія, ЗША) і многім іншым.

Таксама ў музеі можна будзе набыць кнігу “М. В. Данциг. Инфографика живописи”.



Перейти к полному списку

 
© РУП "Издательство “Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки", 2010
Разработка сайта: Интернет-агентство «Новый Сайт»
 
-->